У школе таксама ёсць лясніцтва

Любяць прыроду і дапамагаць ёй

Моцнае сяброўства звязвае работнікаў Хойніцкага лясгаса і вучняў трэцяй гарадской школы. Справа ў тым, што ў гэтай установе адукацыі створана школьнае лясніцтва. Аб яго рабоце нам расказала кіраўнік аб’яднання Марына Васіленка.

Абаяльная, энергічная і, што хутка стала зразумела, адданая сваёй справе маладая настаўніца мяне сустрэла ў фае школы. Калі мы прыйшлі ў кабінет і пачалі гутарку, можна было і не задаваць пытанні – Марына Міхайлаўна адразу стала даваць патрэбную інфармацыю. Заставалася толькі занатоўваць. Яна дастала папкі з публікацыямі і матэрыяламі конкурсаў, фотаальбомы.

– Вось глядзіце: гэта мы прымалі ўдзел у акцыі «Чысты лес». А вось мы былі на экскурсіі ў лясгасе. А тут – на сустрэчы з ветэранамі працы. На гэтых здымках – збіраем жалуды. А гэта, пабачце, мы садзілі дрэвы. І вось такія кармушкі робім, – заахвочана паказвала настаўніца. Яна гартала альбомы, распавядала пра дасягненні сваіх «лесавічкоўцаў».

X guqC ZCi0

Калі слухала Марыну Васіленка, думала: выдатна, што дзяцей вось так далучаюць да лясной прафесіі, паказваюць прыгажосць лесу і натхняюць на добрыя справы. Пры гэтым праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа. Прыклад школьнага лясніцтва паказвае, што тут ідзе пошук будучых спецыялістаў для лесагаспадарчай сферы.

– Дзеці атрымліваюць шмат цікавай інфармацыі пад час наведвання лясгаса. У розных лясніцтвах яны знаёмяцца з асаблівасцямі лясных насаджэнняў, як збіраць насенне, як абараняць лес ад шкоднікаў і хвароб, – распавяла настаўніца.

Пагутарыўшы з актывістамі школьнага лясніцтва, я захапілася: наколькі моцна прыцягвае іх лес. Вучні разумеюць, што мала проста любіць прыроду, ёй трэба дапамагаць. І старанна, актыўна гэта робяць.

– І няхай нашы мерапрыемствы камусьці здадуцца простымі і немудрагелістымі, але менавіта яны без лішніх слоў кранаюць дзіцячыя душы, – у заканчэнне нашай размовы сказала Марына Міхайлаўна.

Наталля РЭВЯКА.

"Хойникские новости"